Святкуем Дзень роднай мовы!

21.02.2022

21 лютага – у Дзень роднай мовы – школа сустракала вучняў і настаўнікаў па-святочнаму ўпрыгожанай: на першым паверсе размясцілася  фотазона “Беларуская хатка”, другі і трэці паверх былі  ўпрыгожаны вучнёўскімі насценгазетамі і  творчымі работамі, прысвечанымі Дню роднай мовы. Вучні малодшых класаў актыўна прынялі  ўдзел у выставе-акцыі “Гучы, роднае слова!”. Вучні старшых класаў падрыхтавалі насценгазеты-віншаванні, інтэрактыўную газету-плакат “Што ні слова – то дыямент!”, якая прапаноўвала ўсім жадаючым запісаць  сваё любімае  беларускае слова.

Гэты дзень таксама адзначыўся правядзеннем у 1-11 класах інфармацыйных хвілінак, разнастайных акцый, гульняў. Так, вучні пачатковых і сярэдніх класаў атрымалі ў падарунак беларускамоўныя буклеты-маляванкі, прысвечаныя Дню роднай мовы. Усім прыйшлася даспадобы віктарына “Салодкі перапынак”, якая прайшла пад лозунгам “Адчуй смак роднай мовы!” і запрашала на перапынках усіх жадаючых  атрымаць цукеркі за веданне беларускіх слоў.