Тыдзень беларускай мовы

28.02.2022

З 21 па 26 лютага ў нашай школе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Тыдню беларускай мовы і літаратуры.

Пачатак Тыдня быў яркім і запамінальным і адзначыўся мерапрыемствамі, прысвечанымі  Міжнароднаму дню роднай мовы.

Не менш цікавымі былі і наступныя дні Тыдня. Вучні 9 класаў правялі для малодшых класаў экспрэс-віктарыну “Імёны памяць берагла…”, нагадаўшы пра Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну і іншых нашых славутых землякоў.

Вучні 6-ых класаў сталі ўдзельнікамі пазнавальна-забаўляльнай праграмы “Таямнічы свет беларускіх лялек”, якая прайшла ў бібліятэцы “Віцебскдрэў”. Госця мерапрыемства Марыя Кроцікава пазнаёміла з цудоўнай выставай беларускіх лялек, зробленых яе рукамі, падштурхнула ўсіх да размовы аб неабходнасці захавання нацыянальных традыцый, месцы роднай мовы ў нашым жыцці. Вучні чыталі на памяць вершы, успаміналі беларускія народныя святы і звязаныя з імі абрады. Атрымаўся жывы і цікавы дыялог-роздум, вельмі актуальны ў Год гістарычнай памяці ў Рэспубліцы Беларусь.

Паміж вучнямі 7-ых класаў адбылася інтэлектуальная гульня “Ведай і любі родную мову”. Удзельнікі гульні канструявалі словы, тлумачылі, перакладалі, а творчы здольнасці паказалі ў “Паэтычным радку”. Прагучала таксама цікавая інфармацыя пра пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года.

Вучняў 5-х класаў  бібліятэка “Віцебскдрэў” запрасіла на ўрок-віншаванне “З “Вясёлкай” весялей!”, прысвечаны 65-годдзю часопіса “Вясёлка” і 55-годдзю сучаснай беларускай пісьменніцы Алены Масла. Пяцікласнікі не толькі адгадвалі загадкі, разгадвалі рэбусы, выконвалі разнастайныя заданні, што знаходзім на старонках “Вясёлкі”, але і  зрабілі свой падарунак часопісу: прадставілі міні-спектакль па казцы Алены Масла  “Няхай ззяе вясёлка”, надрукаванай у часопісе. Аказалася, што з “Вясёлкай”, і праўда, весялей!

Працягваем традыцыю нашай школы: вандраваць заўжды і ўсюды! Так, вучні 8-ых класаў у рамках інтэрактыўнай гульні “Вандроўкі па Беларусі” падарожнічалі па роднай зямлі: хадзілі па станцыях, выконваючы разнастайныя заданні, ладзілі размову пра традыцыйныя беларускія святы. І ў выніку- перамога сяброўства каманд “Буслы” і “Валошкі” і рашэнне адправіцца разам вучнямі 7-ых класаў у падарожжа  па мясцінах Якуба Коласа.

Вучні 10-га класа прынялі ўдзел у турніры для кемлівых “Залацінкі народнай  мудрасці”, дзе прадэманстравалі веданне беларускіх фразеалагізмаў, асаблівасцей роднай мовы.

Гучала родная мова і ў школьнай бібліятэцы, дзе дзейнічалі разнастайныя інтэрактыўныя  тэматычныя  выставы, у тым ліку кніжная   выстава  “Беларускія аўтары і  кнігі – юбіляры 2022года”.

Заключным акордам Тыдня беларускай мовы і літаратуры стала правядзенне акцыі “Пішам без памылак”, дзе праверыць свае арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі прапаноўвалася  вучням старшых класаў: яны напісалі Купалаўскі дыктант, пасля чаго была арганізавана самаправерка. Дзякуй усім актыўным і нераўнадушным удзельнікам Тыдня!