Па вынiках Тыдня роднай мовы

26.09.2022

Як ты дорага мне, мая родная мова!” – пад такім дэвізам з 19 па 24 верасня ў нашай школе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Тыдню роднай мовы.

Тыдзень адкрыўся выставай вучнёўскіх творчых работ “Якія цудоўныя назвы і словы, якая цудоўная родная мова!”, а таксама флаер-фэстам “У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы…”, дзе  вучням і настаўнікам школы былі ўручаны флаеры з  беларускімі ветлівымі словамі і выразамі. Акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску!” прадоўжылася правядзеннем на ўроках фізкультхвілінак на беларускай мове.

    

Не менш цікавымі былі і наступныя дні Тыдня.

Вучні 6-ых і 7-ых класаў сталі ўдзельнікамі ўрока-прэзентацыі “Беларускі нацыянальны ручнік. Сімвалы, традыцыі, павер’і”. Вучні пазнаёміліся з цудоўнай выставай беларускіх ручнікоў і сімволікай беларускага арнамента, чыталі на памяць вершы, успаміналі беларускія народныя святы і звязаныя з імі абрады. Ішла размова аб неабходнасці захавання нацыянальных традыцый, месцы роднай мовы ў нашым жыцці. Атрымаўся жывы і цікавы дыялог-роздум, вельмі актуальны ў Год гістарычнай памяці ў Рэспубліцы Беларусь.

   

Для вучняў 10-га і 11-га класаў была арганізавана гульня-віктарына “Этнаграфічны калейдаскоп”, якая не толькі пашырыла ўяўленне вучняў пра культуру і традыцыі беларускага народа, але і паспрыяла пашырэнню слоўнікавага запасу.

І вучням, і настаўнікам школы прыйшлася даспадобы гульня-акцыя “Салодкі перапынак”, якую правялі вучні 8 “Б” класа: за правільнае тлумачэнне беларускіх слоў можна было атрымаць цукерку. Ох, і хутка апусцеў кошык з цукеркамі!

    

Адным з самых запамінальных дней Тыдня таксама стаў Дзень беларускай кухні, што адбыўся 22 верасня. Школьная сталовая сустракала ўсіх  смачнай выставай “Нацыянальныя стравы беларусаў”. Вучні і настаўнікі школы частаваліся дранікамі, зразамі, блінамі, бульбай, запечанай у гаршчку і іншымі беларускімі стравамі. Таксама вучні актыўна прымалі ўдзел у анлайн-чэленджы “Гастранамічны фэст”, дзе дэманстравалі, як гатуюць беларускі дэсерт “Дзьмухаўцы”. А ў вучняў малодшых класаў у гэты дзень прайшлі класныя гадзіны пад агульнай назвай “Хлеб і да хлеба”. Тут можна было ўбачыць выставы садавіны і агародніны, пачаставацца беларускімі нацыянальнымі стравамі. Беларускія песні, вершы, загадкі, гульні суправаджалі ўсе мерапрыемствы. Дзень атрымаўся смачным і вясёлым!

   

Гучала родная мова і ў школьнай бібліятэцы. На працягу Тыдня тут дзейнічала кніжная выстава “Скарбонка гістарычнай памяці”, а таксама прайшлі бібліятэчныя ўрокі “Імёны памяць берагла”. На  гутарку пра нашых славутых землякоў  Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну і іншых выдатных дзеячаў беларускай культуры былі запрошаны вучні 3-5 класаў.

   

Кабінет роднай мовы на працягу Тыдня сустракаў выставай “Сучасная беларуская літаратурная мова. Слоўнікі”,  арганізаванай настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Тут было прадстаўлена больш за 30 разнастайных слоўнікаў, энцыклапедый, навуковых даведнікаў - нашых верных памочнікаў! Праўду кажа народ: “Дзе розумам не дайду, дык у кніжцы знайду!”  

Працягваем традыцыю нашай школы: вандраваць заўжды і ўсюды! Так, вучні 6-ых і 7-ых класаў прынялі ўдзел у пешаходнай экскурсіі “Сілуэты старога Віцебска”. Экскурсанты прайшлі шлях ад Благавешчанскай царквы да помніка самаму высокаму чалавеку планеты Фёдару Махнову і пераканаліся: ніякая стома і ніякі дожджык не здольныя сапсаваць прагулку па вуліцах роднага горада!

   

                 Тыдзень роднай мовы атрымаўся насычаным і цікавым! Дзякуй усім актыўным і нераўнадушным удзельнікам Тыдня!